Июнь 2018
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
         1  2  3
 4  5  6  7  8  9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30  

19.02.2018 Да Дня Роднай мовы

Як ты дорага мне, мая родная мова! 
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова! 
Нiл Гiлевiч

19 лютага бягучага года адбылася чарговая творчая гасцеўня ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры ,,Лідар,, (Ждановічы).

Уважлівымі юнымі слухачамі і прыемнымі суразмоўцамі запрошаных гасцей з Саюза Пісьменнікаў Беларусі аказаліся вучні 7-8 класаў з розных школ Мінска. А завіталі на дадзеную сустрэчу ў гэты дзень паэтэсы Іна Мiкалаеўна Фралова і Кацярына Роўда.

З самых першых хвілінак знаемства, утульная зала напоўнілася цеплыней, даверам і беларускасцю. Іна Мiкалаеўна ўдала стварыла адпаведны творчы настрой, нагадала вучням пра тыдзень роднай мовы, пра яе бяспрэчную значнасць і асаблівую ролю для кожнага без выключэння беларуса. Юныя слухачы паспрабавалі свае сілы і ў падрыхтаванай Інай Мiкалаеўнай гульні "Рыфмы", старанна адказвалі на цікавыя пытанні, а самыя актыўныя змаглі пазмагацца за падарунак ад паэтэсы – шыкоўную беларускамоўную кнігу. 

Кацярына Роўда пазнаёміла вучняў з творамі са свайго першага паэтычнага зборніка "Водар белага наліву". Яна прадэкламавала вершы пра сваю маленькую радзіму, вёску Савічы, што на Валожыншчыне, пра родных сэрцу людзей, веру і мову:

"Жытнёвая, льняная, васільковая, 
Бы ягадка суніцы, сакавітая. 
Салодкая, жывучая, вясновая... 
Я веру, што не станеш ты забытаю!" 

Яна з задавальненнем адказвала на шматлікія пытанні, дзялілася сонечным настроем і найлепшымі пажаданнямі. Напоўненыя шчырай любоўю да роднай вёскі Шыпкі Вiлейскага раёну, гучалi радкі вершаў Іны Фраловай:

"Шыпкі мае! Вы мой пачатак неба, 
Вы мне, здарожанай, жаданы супакой. 
Каб новы шлях адужаць, - з ветрам трэба 
Глынуць гаючы баравы настой." 

Паэтэса прачытала падборку з сваіх прыгожых, узнеслых вершаў, якія здольны пранікнуць у сэрца слухача любога ўзросту і полу. Тэмы закраналіся самыя актуальныя, а меладычнасць мовы беларускае з кожным новым вершам напаўняла цеплынёй вочкі "маленька - дарослых" суразмоўцаў. А што можа быць даражэй для паэта, чым зацікаўленыя вочы, шчырыя ўсмешкі і нязмушаны дыялог на мове дзядоў, адметнай, чароўнай, непаўторнай?...

Гадзіна праляцела хутка i змястоўна, а сумеснае фота ўдзельнікаў гасцёўні стала пазітыўнай кропкай цікавай сустрэчы. А дакладней не кропкай, а шматкроп'ем, бо ў ,,Лідары" заўжды збіраюцца толькі самыя лепшыя вучні, а ў СПБ вельмi шмат вартых паэтаў і пісьменнікаў, гатовых сустракацца, дзяліцца сваёй творчасцю, несці ў свет прыгожае мастацкае слова... Роднае слова... 

ВВЕРХ